ДЗІ́ЎНАЎСКІ МУЗЕ́Й МАСТА́ЦТВА І ЭТНАГРА́ФІІ.

Адкрыты ў 1982 у в. Дзіўная Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаецца ў будынку б. лютэранскага храма 19 ст. Экспазіцыя складаецца з 2 аддзелаў: этнаграфічнага, у якім экспануюцца прадметы старажытнай матэрыяльнай культуры беларусаў, вырабы нар. ганчарства, кавальства, пляцення з лазы і саломкі, ткацтва, і мастацкага, дзе прадстаўлены жывапісныя і графічныя творы бел. мастакоў Я.​Драздовіча, П.​Сергіевіча, В.​Цвіркі, Л.​Шчамялёва, У. і М.​Басалыгаў, П.​Драчова, Я.​Куліка, А.​Марачкіна, В.​Маркаўца, А.​Кашкурэвіча, А.​Паслядовіч, У.​Тоўсціка, М.​Купавы, У.​Сулкоўскага, У.​Савіча і інш. Працуе на грамадскіх пачатках.

М.​М.​Купава.

т. 6, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)